Палітычнае супрацоўніцтва
Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Федэратыўнай Рэспублікай Нігерыя усталяваны 3 жніўня 1992 г.
У снежні 2011 г. у г. Абуджы адкрыта Пасольства Рэспублікі Беларусь.
17 мая 2012 г. Пасол Беларусі ў Нігерыі Бескосты В.В. уручыў даверчыя граматы Прэзідэнту Федэратыўнай Рэспублікі Нігерыя Г.Джонатану.
1 лістапада 2018 г. Пасол Беларусі ў Нігерыі Брыль В.С. уручыў даверчыя граматы Прэзідэнту Федэратыўнай Рэспублікі Нігерыя М.Бухары.
Сустрэчы і кантакты
З 1992 г. двухбаковыя палітычныя кантакты ажыццяўляліся на ўзроўні пастаянных прадстаўніцтваў пры ААН, падчас самітаў Руху недалучэння і Афрыканскага Саюза.
У траўні 2010 г. у рамках саміту “Групы пятнаццаці” ў г. Тэгеране адбылася сустрэча Першага намесніка Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Сямашка У.І. з Дзяржаўным міністрам замежных спраў Нігерыі А.Хонгам.
У верасні 2011 г. у рамках юбілейнай міністэрскай сустрэчы Руху недалучэння ў г. Бялградзе, прысвечанай 50-годдзю стварэння руху, адбылася сустрэча Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Мартынава С.М. і Дзяржаўнага міністра замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Нігерыя В.Анвуліры.
У траўні 2012 г. у рамках чарговага саміту Руху недалучэння ў г. Шарм-Эль-Шэйху адбылася сустрэча намесніка Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Алейніка С.Ф. і Дзяржаўнага міністра замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Нігерыя В.Анвуліры.
У ліпені — жніўні 2013 г. адбыўся візіт у Рэспубліку Беларусь першага Дзяржаўнага міністра замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Нігерыя В.Анвуліры.
Падчас візіту падпісаны Мемарандум аб узаемаразуменні паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Федэратыўнай Рэспублікі Нігерыя аб правядзенні двухбаковых кансультацый, адбыўся першы ў гісторыі раунд кансультацый. Праведзены сустрэчы з Міністрам замежных спраў Рэспублікі Беларусь У.Макеем, намеснікам Міністра В.Рыбаковым, наведаны найбуйнейшыя прамысловыя прадпрыемствы Беларусі, а таксама Беларускі дзяржаўны універсітэт.
У верасні 2014 г. адбыўся першы ў гісторыі візіт Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Макея У.У. у Нігерыю.
У склад дэлегацыі ўвайшлі прадстаўнікі Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, Міністэрства замежных спраў, ААТ «Мінскі аўтамабільны завод», ААТ «Мінскі трактарны завод», іншых беларускіх прадпрыемстваў. У рамках візіту кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства быў прыняты Прэзідэнтам Федэратыўнай Рэспублікі Нігерыя Г.Джонатаном. У ходзе сустрэчы абмеркаваны пытанні актывізацыі двухбаковых сувязяў у палітычнай, гандлёва-эканамічнай, ваенна-тэхнічнай і іншых галінах. Перададзена асабістае пасланне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Г. Лукашэнка Прэзідэнту Нігерыі з запрашэннем наведаць Беларусь з афіцыйным візітам. У рамках візіту таксама адбыліся сустрэчы з Міністрам замежных спраў Нігерыі А.Валі, Саветнікам па нацыянальнай бяспецы Федэратыўнай Рэспублікі Нігерыя М.Дасукі і Міністрам гандлю, прамысловасці і інвестыцый Федэратыўнай Рэспублікі Нігерыя О.Агангай. Уручаны патэнты двум новым Ганаровым консулам Беларусі ў Нігерыі.
У красавіку 2016 года ў г. Абуджы адбыўся другі раунд беларуска-нігерыйскіх палітычных кансультацый з удзелам намесніка Міністра замежных спраў В.Б. Рыбакова. Нігерыйскую дэлегацыю на перамовах узначаліў Пастаянны сакратар Міністэрства замежных спраў Нігерыі (намеснік Міністра) Булус Зом Лола.